Кожны панядзелак @ Галерэя Ў, 19:00 - 21:00 Модныя курсы беларускай мовы МОВА НАНОВА! • Уваход вольны! Прыходзьце і клічце сяброў! Вядуць курсы філолаг Алеся Літвіноўская і журналіст Глеб Лабадзенка. Заняткі будуць адбывацца кожны панядзелак, ад 19.00 да 21.00. На кожным занятку будуць цікавыя беларускамоўныя госці — як вельмі вядомыя людзі, гэтак і прафесіяналы ў сваёй справе, якія нячаста фігуруюць у прэсе. Прычым, не толькі з Беларусі — ужо ў студзені навучэнцы змогуць паразмаўляць з сапраўднымі беларускамоўнымі амерыканцамі, шведамі і іспанцамі! Назва курсаў “МОВА НАНОВА” тлумачыцца проста. Многія беларусы кажуць, што беларуская — іх родная мова. Пры гэтым не зусім добра ці зусім нядобра ведаюць яе. Гэтае словазлучэнне “родная мова”вельмі часта ўводзіць у зман нас саміх. Час прызнацца, што нам пара вучыць беларускую мову нанова! Такія прыклады — калі народ адраджаў паўзабытую мову — ёсць у гісторыі, і яны натхняюць! Канцэпцыя курсаў — неакадэмічнае вывучэнне мовы. То бок, уся інфармацыя — лексіка і граматыка, а таксама ўсемагчымыя цікавосткі — падаецца праверанай і пісьменнай. Але робіцца гэта ў інтэрактыўных формах, файна і нязмушана. Апроч уласна моўных практыкаванняў, вас чакаюць незвычайныя звесткі па гісторыі ды культуры Беларусі! Першы занятак прынясе шмат цікавостак: адразу некалькі гасцей (адзін з іх – вядомы беларускамоўны замежнік), выступ лідара гурта HandmadE Яўгена Валошына, таямнічы госць з Верхнядзвінска, майстар-клас "Як слушна павіншаваць па-беларуску", хітрыкі з граматыкі, аўдыё, відэа, фота, мультымедыя… На занятках будзе цёплая, сяброўская атмасфера, а таксама прыемная драбяза: дармовыя кава і гарбата. Хоць зіма і бясснежная, але ж прыемнасці ніхто не касаваў! Чакаем вас на занятках! PS Чаму "модныя"? Нам дужа хочацца, каб размаўляць па-беларуску сталася модна! А потым — натуральна! партнёры: Галерэя сучаснага мастацтва Ў "Будзьма беларусамі!" "Белсат"

Теги других блогов: курсы МОВА НАНОВА беларуская мова